«Беларусбанк» паведаміў, што з 29 ліпеня кліенты не змогуць карыстацца сэрвісам бескантактных плацяжоў Fitbit Pay. Пра гэта паведамляецца на сайце фінансавай арганізацыі. Аналагічнае рашэнне закране і кліентаў іншых банкаў.

Банк папярэдзіў, што з 29 ліпеня кліенты не змогуць аплачваць пакупкі з дапамогай сэрвісу Fitbit Pay. Яго выкарыстоўвалі ўладальнікі смарт-гадзіннікаў гэтага брэнда. Прычынай абмежавання «Беларусбанк» назваў рашэнне кампаніі-ўладальніка, то-бок Google.
Сэрвісам можна было карыстацца ўсюды, дзе была магчымасць бескантактнай аплаты карткамі Visa, Mastercard, Maestro і кабэйджынгавымі карткамі Maestro «Беларусбанка».
Раней аналагічнае папярэджанне публікаваў «МТБанк». Насамрэч сэрвіс з 29 ліпеня перастаў працаваць ва ўсіх кліентаў, не толькі ў Беларусі. Вытворца смарт-гадзіннікаў і разумных прыладаў Fitbit з 2021 года належыць Google. Цяпер кампанія згортвае сэрвіс Fitbit Pay і мяняе яго на свой вядомы прадукт Google Wallet.
«Беларусбанк» па-ранейшаму падтрымлівае іншыя аплатныя сэрвісы, уключаючы Apple Pay, Samsung Pay, Белкарт Pay, Swoo Pay, Xiaomi Pay, Garmin Pay і Huawei Pay.