Калі вада афарбоўваецца ў незвычайны колер, то жывым арганізмам рэдка варта чакаць ад такой вадкасці нечага добрага. Асабліва яскравы прыклад прыгожага, але небяспечнага вадаёма — возера Натрон у Танзаніі. Размешчанае ў паўночнай частцы краіны, ва Усходне-Афрыканскай рыфтавай даліне непадалёк ад мяжы з Кеніяй, яно ўяўляе сабой унікальную прыродную з’яву. Возера вядомае сваімі насычанымі чырвона-ружовымі адценнямі. Такі незвычайны колер тлумачыцца наяўнасцю галаархеяў — мікраарганізмаў, якія квітнеюць у надзвычай салёным асяроддзі і прадукуюць чырвоныя пігменты. Узмацняюць афарбоўку і такія водарасці, як Dunaliella salina, якія вылучаюць бэта-каратын — пігмент аранжава-чырвонага колеру. У той жа час гэтае дробнае салёнае возера характарызуецца экстрэмальна гарачым і шчолачным асяроддзем. Тэмпература вады ў ім дасягае 60 °C, а ўзровень pH — 10,5, што параўнальна з аміякам ці гаспадарчым адбельвальнікам. Ужыванне вады з возера Натрон можа быць смяротным для большасці жывых істот. Шчолачнае асяроддзе небяспечнае для многіх жывёл і прыводзіць да кальцыфікацыі іх рэшткаў.


Некалькі разоў на год, у перыяды засухі, калі канцэнтрацыя мікраарганізмаў павялічваецца, вадаём набывае асабліва яркую афарбоўку. А ў лютым і сакавіку, самых гарачых месяцах года, канцэнтрацыя карбанату натрыю (то-бок соды) у ім узрастае настолькі, што вада ў возеры становіцца вязкай.
Нягледзячы на суровыя ўмовы, возера Натрон служыць важным месцам размнажэння малога фламінга (Phoeniconaias minor), які выдатна адаптаваўся да гэтага агрэсіўнага асяроддзя. Жорсткая скура і лускаватыя ногі абараняюць птушак ад едкай вады, а спецыяльныя солевыя залозы дапамагаюць выводзіць з арганізма лішак солі. Акрамя таго, неспрыяльныя ўмовы возера абараняюць фламінга ад драпежнікаў, што робіць гэтае месца ідэальным для гнездавання. Харчуючыся водарасцямі і цыянабактэрыямі возера, гэтыя птушкі набываюць сваё характэрнае ружовае апярэнне.






