Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын заявіў, што эканамічны механізм краіны мусіць аператыўна рэагаваць на любыя выклікі, адаптавацца і забяспечваць устойлівы эканамічны рост. Пра гэта ён расказаў у эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1».

Адказваючы на пытанне пра наяўныя рызыкі для эканомікі, Турчын падкрэсліў, што іх нямала. «Рызык досыць шмат. Гэта санкцыйны ціск, праблемы ў замежным гандлі. Але самае галоўнае, што мы цяпер жывём у эпоху „чорных лебедзяў“. Які „чорны лебедзь“ з’явіцца заўтра, вельмі складана спрагназаваць», — адзначыў ён.
Паводле яго, ключавая задача ўрада — забяспечыць устойлівае функцыянаванне эканамічнага механізму, які зможа аператыўна адаптавацца да новых выклікаў.
«Таму галоўная задача — устойлівае функцыянаванне эканамічнага механізму, які мог бы аператыўна рэагаваць на любыя выклікі, адаптавацца і, самае галоўнае, забяспечваць устойлівы эканамічны рост», — падкрэсліў кіраўнік урада.
«Чорны лебедзь» — тэорыя, што разглядае выпадковыя ці цяжкапрагназавальныя падзеі, якія могуць мець істотныя наступствы для сусветнай эканомікі. Упершыню гэтае паняцце апісаў у сваёй кнізе Насім Нікалас Талеб, амерыканскі публіцыст, эканаміст і трэйдар.