Святлана Ціханоўская пракаментавала выхад прапагандысцкага фільма «Чужое неба», заявіўшы, што яго аўтары выкарыстоўвалі людзей ва ўразлівым становішчы, уводзячы іх у зман. Паводле палітыка, удзельнікаў здымак пераконвалі, што іх гісторыі запісваюцца для аказання дапамогі, але ў выніку яны сталі інструментам прапаганды.

«Тое, што адбываецца, — абуральна. Выкарыстоўваць людзей, якія даверыліся журналістам у надзеі атрымаць падтрымку, а потым ператвараць іх гісторыі ў прапагандысцкі матэрыял — гэта яшчэ адзін доказ таго, што рэжыму абыякавыя чалавечыя лёсы», — заявіла Ціханоўская.
Яна адзначыла, што некаторым героям фільма казалі, нібыта здымкі арганізаваныя ад імені яе Офіса. Аднак каманда палітыка ніколі не падвяргае людзей рызыцы, а ўсе ініцыятывы праводзяцца з захаваннем строгіх мер бяспекі.
Ціханоўская заклікала да пільнасці і рэкамендавала правяраць крыніцы інфармацыі перад удзелам у інтэрв'ю ці апытаннях. Таксама яна параіла не саромецца адмаўляцца ад удзелу ў праектах, калі ўзнікаюць сумневы.
«Беражыце сябе, расказвайце іншым пра неабходныя меры бяспекі і не дазваляйце нікому выкарыстоўваць ваш давер», — дадала яна.
У выпадку сумневаў, звязаных са зваротамі ад імені Офіса Ціханоўскай, можна праверыць іх сапраўднасць праз афіцыйныя каналы сувязі.
Нагадаем, Белтэлерадыёкампанія 18 сакавіка прэзентавала прапагандысцкі фільм «Чужое неба» аўтарства Аляксея Марцінёнка. У паўтарагадзінным відэа расказваецца пра цяжкі лёс беларусаў у Польшчы і краінах Балтыі, дзе яны, маўляў, ледзь зводзяць канцы з канцамі.
Як высветліла «Наша Ніва», у герояў відэа, якія знаходзяцца за мяжой, узялі інтэрв'ю падманам — яны не ведалі, што каментуюць сваё жыццё для беларускіх прапагандыстаў: да іх звярнуліся з просьбай паўдзельнічаць у здымках відэа для Офіса Святланы Ціханоўскай.
Пазней стала вядома, што муж галоўнай гераіні фільма, Юліі Брыкінай — адзінай з фільма, хто знаходзіцца ў Беларусі, а не за мяжой, быў знойдзены мёртвым у Літве.