Былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна выехала з Беларусі, пра гэта паведаміў заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Каманда BYSOL запусціла збор грошай для лячэння і адаптацыі журналісткі. Сума збору — 7000 еўра.
«Мы паставілі такую суму, бо ў Ксеніі цяжкае захворванне, якое патрабуе лячэння. Таму мы разлічваем, што большая частка сродкаў пойдзе на медыцыну, і яшчэ трохі застанецца для адаптацыі», — паведамілі ў фондзе.
Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну ў верасні 2022 годаасудзілі на 8 гадоў калоніі па справе «пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (артыкул 357 КК).
Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. У СІЗА ў яе пагоршылася здароўе, расла пухліна ў мозгу. Пры гэтым пракурор не знайшоў падставаў, каб замяніць ёй абраную меру на больш мяккую.
У жніўні мінулага года яе памілавалі.